Тыдзень цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва" (2024)

Тыдзень цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” прайшоў з 14 па 20 сакавіка ў музычным каледжы імя М.К.Агінскага. Цікавыя і разнастайныя мерапрыемствы былі запланаваны і праведзены ў гэты час.

Распачаўся тыдзень 14 сакавіка з майстар-класа па жывапісу, які правяла навучэнка 2 курса Жаўток Соф’я пад кіраўніцтвам выкладчыка Дзмітрыя Святаслававіча Сакалоўскага. У фае каледжа любы жадаючы на працягу 2 гадзін  мог паназіраць за працэсам стварэння эцюда нацюрморта.

15 сакавіка ў выставачнай зале нашай установы прайшло адкрыццё выставы выцінанкі “Настаўнікі і вучні”. У выставе прынялі ўдзел выкладчыкі Людміла Мікалаеўна Валковіч-Борыс, Лізавета Львоўна і Наталля Львоўна Чырвонцавы, выпускнікі Алеся Дэрр, Крысціна Ілліч, Сафія Падкарытава, Вікторыя Паліўка, Канстанцыя Герасіменка, Ксенія Трот, а таксама цяперашнія навучэнцы каледжа. Разнастайнай па стылю, зместу і вобразнасці атрымалася выстава, дарэчы наведаць якую можна яшчэ на працягу красавіка.

19 сакавіка выкладчыкі цыклавой камісіі, народныя майстры Рэспублікі Беларусь Людміла Валковіч-Борыс і Лізавета Чырвонцава правялі майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву ў рамках творчай стажыроўкі кіраўнікоў замежных беларускіх непрафесійных калектываў мастацкай творчасці і кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа. Удзельнікі стажыроўкі мелі магчымасць пазнаёміцца з такімі відамі дэкаратыўнага мастацтва як выцінанка і аплікацыя саломкай, а таксама яны не толькі пабачылі работы нашых навучэнцаў у тэхніцы эксперыментальнага тэкстылю, але і самі паспрабавалі зрабіць матылькоў у гэтай тэхніцы. Акрамя майстар-класаў для ўдзельнікаў стажыроўкі была праведзена экскурсія ў мастацкую галерэю каледжа. Шмат уражанняў, эмоцый і набыццё ведаў …

Таксама 19 сакавіка ў рамках сумеснага праекта  паміж навучэнцамі Маладзечанскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа імя І.В.Залуцкага і навучэнцамі нашай цыклавой камісіі  была арганізавана выстава “Анатомія і жывапіс“, якая праходзіла   на базе медыцынскага каледжа.

Тэкст: Л.М.Валковіч-Борыс, старшыня ЦК ДПМ